Перайсці да зместу

Прыказка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Пры́казка — жанр народнай паэтычнай творчасці, кароткае народнае выслоўе павучальнага зместу, народны афарызм[1]. Паводле формы і функцыі гэты тып ўстойлівай адзінкі аналагічны сказу — валодае сэнсавай, структурнай і інтанацыйнай завершанасцю.

Прыклад: Адной рукой і вузла не завяжаш. Вывучэннем прыказак з мовазнаўчых пазіцый займаецца фразеалогія.

Першыя запісы прыказак прыпісваюць Арыстоцелю. Зборнік антычных прыказак у 1500 годзе склаў Эразм Ратэрдамскі. На Беларусі самае даўняе выданне прыказак — зборнік С. Рысінскага (Любча, 1618)[2]. У 1840 годзе А. Рыпінскі ў кнізе «Беларусь» апублікаваў 50 беларускіх прыказак. У XIX стагоддзі зборнікі і падборкі прыказак друкавалі П. Шпілеўскі, Я. Чачот, Я. Тышкевіч, П. Шэйн, І. Насовіч, М. Нікіфароўскі, Я. Ляцкі і іншыя. Дзейнасць у гэтым кірунку працягвалася і ў XX стагоддзі выданнямі Ф. Янкоўскага, Т. Сцяшковіч, Я. Рапановіча і іншых. На аснове ўсіх папярэдніх выданняў быў створаны акадэмічны навуковы сістэматызаваны звод «Прыказкі і прымаўкі» (1976). У 2011 годзе выйшла праца «Тлумачальны слоўнік прыказак» І. Лепешава і М. Якалцэвіч[3].

Характарыстыка

[правіць | правіць зыходнік]

Тэматычна прыказкі вельмі разнастайныя, у іх адлюстраваліся жыццё і сямейны побыт чалавека, ацэнка яго маральных якасцей, трапныя назіранні, а таксама разважанні і павучанні. Генетычна вельмі блізкія да прымаўкі[2].

Прыказка нараджаецца ў канкрэтнай жыццёвай сітуацыі, самастойна не бытуе, выкарыстоўваецца ў маўленні ў патрэбны момант. Прыказка канкрэтызуе сітуацыю, засяроджвае на ёй увагу і ў той жа час абагульняе ў канкрэтных высновах: Хто ілжэ, той і крадзе або Хто дбае, той і мае. У некаторых прыказках у некалькіх словах заключаецца дзеянне і вынік: Баба з воза — каню лягчэй[4].

Па структуры прыказкі звычайна двухчленныя. Вялікую ролю ў прыказках адыгрываюць рыфма, рытміка, багаты арсенал паэтычных сродкаў (параўнанні, метафара, гіпербала, сінекдаха, метанімія, эпітэт, алегорыя і інш.): Так і жылі: хто схлусіць, той вып’е і закусіць, а хто праўду скажа, той і так спаць ляжа; Як пасцелешся, так і выспішся; Хто працуе, той святкуе. Вельмі шырока ўжываецца ў прыказках метафара, так званае схаванае параўнанне: Бацька нажываў горбам, а дзеткі пражылі горлам. Многія прыказкі пабудаваны па прынцыпе антытэзы: Паны балююць, а мужыкі гаруюць. Часта ў прыказках ужываецца сінтаксічны адначасткавы і двухчасткавы паралелізм: Пры сонейку цёпла, пры матачцы добра; Пакуль жаніцца — загаіцца, пакуль шлюб браць — нічога не знаць[4].

Прыказка — «фальклорны мікратэкст»:[5] у ім філасофскі змест спалучаецца з дасканаласцю формы, якая ўдасканальваецца даволі часта на працягу стагоддзяў. Яе кампаненты часта звязваюцца ўнутранай рыфмай: Сем разоў адмервай, а раз адрэзвай. Прыказкі свабодна ўключаюцца ў тэкст, бо іх выкарыстанне не абумоўлена заканамернасцямі лексіка-граматычнай спалучальнасці са словамі свабоднага ўжывання. Нават дыскурсіўная залежнасць прыказак меншая супроць прымавак.

Лаканічнасць і трапнасць думкі, мастацкая выразнасць абумоўліваюць шырокае бытаванне прыказак у жывой гутарковай мове, у творах мастацкай літаратуры[2].

Зноскі

  1. Прыказка // Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы : больш за 65 000 слоў : у 2 т. / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтр даслед. беларус. культуры, мовы і літ., Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа ; пад рэд. І. Л. Капылова. — Мінск: Беларусь, 2022. — 2 000 экз.
  2. а б в Прыказка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 67. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
  3. Беларуская мова: энцыклапедычны даведнік / пад агул. рэд. Д.В. Дзятко. — Мн.: Беларусь, 2022. — С. 207—208. — 495 с. — ISBN 978-985-01-1558-4.
  4. а б Прыказка // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2015. — Т. 6. — С. 227. — 486 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0889-9.
  5. Mихневич А. Е. Идиоматика // Белорусский и другие славянские языки: семантика и прагматика: Материалы Междунар. конференции Вторые Супруновские чтения (28-29 сент. 2001 г., Минск) / В авт. редакции. — Мн.: БГУ, 2002. с.89-95. С.94
  • Фядосік А. С. Прыказка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 67. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (Т. 13).